Page 25 - Сістэмны даведнік-бібліятрансформер_Neat
P. 25

ўчынкам герояў і парады на будучае жыццё чытачам, апісанні, а канцоўка вельмі нечаканая, нават
            калі  яна  па-традыцыйнаму  шчаслівая.  «Па-традыцыйнаму»  —  для  народных  казак,  таму  што
            маслаўская канцоўка неадназначна шчаслівая: зло не заўсёды павінна быць пакарана фізічна, як
            і  станоўчыя  героі  не  заўсёды  павінны  застацца  ў  жывых,  каб  жыць  доўга  і  шчасліва.  Так,
            напрыклад, у казцы «Лепшая прыгажуня» для таго, каб выбраць нявесту прынцу, ладзяць цэлы
            конкурс. Праз усе выпрабаванні здолела прайсці толькі адна дзяўчына, якая не толькі валодала
            добрым сэрцам, але і сапраўднай знешняй прыгажосцю. Здавалася б, яна і павінна стаць жонкай
            прынцу, аднак насамрэч Зараніца знайшла ўжо свайго прынца і жыве з ім «ці то недзе ў яго
            заморскім палацы, ці то ў сціплай леснічоўцы: калі ёсць каханне, месца жыхарства не такая ўжо
            істотная рэч». Прынц жа так і шукаў сабе нявесту праз конкурсы прыгажосці. Такія казкі ўжо
            апелююць непасрэдна да дзяцей, у іх няма двайнога прачытання.
                   У  казцы  «Балотная  кансерваторыя»  Алена  Масла  перайначвае  казачны  зачын:  «не  ў
            трыдзявятым царстве, не ў трыдзясятым гаспадарстве, не за сінім морам, не за зялёным долам, а
            недзе тут, недалёка ад нас з вамі, на скрыжаванні шырокіх шляхоў-пуцявін ёсць вёска». Фінал
            твора  нечаканы,  аўтар  «падманвае»  чытача,  падаючы  надзею  на  даволі  прадказальны  канец.
            Жабкі сваімі спевамі сапсавалі ўвесь лад возера, і ён з цягам часу пачынае ілець. Але вось яна,
            надзея на тое, што ўсё можа аднавіцца, а жабкі пакінуць балота. Бусел з’ядае зачыншчыцу, але
            нічога не мяняецца, бо занадта ўжо позна, што  падмячае адна з жабак:  «Ніхто  ўжо сюды не
            вернецца. Вялікай рыбе чыстая вада патрэбная. Нашай твані нікому не адужаць».
                   «Казка  пра  нябачныя  крылы  і  нячутую  песню»  па  сістэме  персанажаў,  сюжэту  вельмі
            набліжана  да  народнай:  ёсць  тут  месца  і  хохлікам,  і  русалкам,  і  зачараванай  дзяўчыне,  і
            чарадзейным коням. Аднак прысутнічае і незвычайнае: галоўны герой з простага добрага хлопца
            ператвараецца ў злодзея, прычым без усялякага цуда, бо нечаканае багацце робіць яго сквапным
            і  злым. І толькі  калі адзін на адзін сустрэўся ён з той, каму калісьці  абяцаў дапамагчы, у ім
            прачынаецца сумленне, ды такое, што ён гатовы ахвяраваць сваім жыццём дзеля яе. У фінале зло
            фармальна пакарана (цмок забіты, хохлікі перавяліся), а сам Янка выкупіў свае грахі ахвярай
            уласнага жыцця, каб выратаваць Марыську.
                   Але  не  так  ужо  адназначна  шчасліва  заканчваецца  казка  «Палярная  зорка».  Дачка
            ведзьмака  Разалька  вырашае  паўстаць  супраць  намеру  бацькі  зрабіць  яе  злой  чараўніцай  і
            дапамагае ёй у гэтым каралевіч. У канцы як быццам бы дабро і перамагае: злы чараўнік памірае,
            прывіды і здані зноў ператвараюцца ў людзей, а Разалька з каралевічам становяцца Палярнай
            зоркай  ў  Зорнай  краіне.  Яна  свеціць  «як  напамін  людзям  пра  тое,  што  прага  святла  здольна
            адужаць  любую  цемру…»,  а  «каралевіч  грае  на  срэбным  ражку  балады  пра  сваё  каханне».
            Здаецца, у гэтых радках і заключана галоўная канцэпцыя ўсіх казак Алены Масла: ахвяраванне
            сабою дзеля іншых і любоў і ёсць сапраўднае жыццё.
                   Герой-дзіця  сучасных  літаратурных  казак  адрозніваецца  ад  героя  народнай  і  савецкай
            казак.  У  народных  казках  герой,  часцей  за  ўсё  абяздолены  ці  пакрыўджаны  лёсам,  урэшце
            атрымлівае дапамогу ад чароўных сіл. Галоўнае, што аб’ядноўвае герояў сучасных айчынных
            казак, — імкненне дапамагчы, своеасаблівая міласэрнасць. Дзеці не так часта сустракаюцца ў
            казках Алены Масла ў якасці асноўных персанажаў, аднак іх наяўнасць гарантуе, што твор будзе
            максімальна прыдатны для дзіцячага ўспрымання.
                   Выхаваўчая  ідэя  казак  празрыстая  нават  з  самага  пачатку,  бо  пачынаюцца  яны  з
            парушэння  дзецьмі  прынятых  грамадствам  норм.  Адрозніваецца  ў  творах  толькі  ступень
            прысутнасці цуда, якое, дарэчы, вельмі ўмоўнае. Так, напрыклад, у казцы «Кітайскія ліхтарыкі»
            дзяўчынцы ўвогуле проста прысніўся сон, фармальна праяў чарадзейнага нават не адбылося. У
            сне хохлікі, якія жывуць у кветках-ліхтарыках, дакараюць дзяўчынцы за тое, што яна не цэніць
            зямлю і працу, якой займаецца яе бабуля. Дзяўчынка прачынаецца з цвёрдым намерам дапамагчы
            бабулі. Дзеці-героі твора «Цудадзейныя лекі» праз свае спрэчкі наклікалі на сябе злую істоту —
            Сварабабку, і,  апынуўшыся ў небяспецы, вырашылі  палепшыць свае стасункі.  Гэта не толькі
            дапамагло дзецям пазбавіцца Сварабабкі, але нарэшце і паправіцца. Прычым на заўвагу іншых
            пра  змену  ў  сваіх  паводзінах  яны  шчыра  адказваюць:  «Ніякіх  цудаў!  Проста  мы  навучыліся
            сябраваць!»


                                                             25
   20   21   22   23   24   25   26   27   28   29   30