Page 24 - Сістэмны даведнік-бібліятрансформер_Neat
P. 24
прачытанне — для дарослых і для дзяцей. У адных будзе найперш задзейнічаны рэалістычны
сюжэт, у другіх — казачны.
Напрыклад, казка «Сок з альясу» мае даволі рэалістычны сюжэт: гаспадыня разам са сваёй
старой кветкай едзе жыць з вёскі да дзяцей, але, сустрэўшыся з рэаліямі жыцця ў гарадскіх умовах
і крыўдай ад нявесткі, вяртаецца дадому. Але ёсць у творы і казачны сюжэт, звязаны з
«падаконным» жыццём альясу, які цярпеў абразу не толькі ад сваіх гарадскіх суседак архідэй,
але і ад свайго родзіча, якому даў жыццё. Выснова, што зробяць і дзеці, і дарослыя пасля
прачытання твора, будзе аднолькавая: трэба з павагай ставіцца да старэйшага пакалення, быць
больш уважлівымі да іх. Аднак заключэнне чытачы розных узростаў зробяць, зыходзячы з
розных сюжэтных ліній. Дзеці чыталі казку пра альяс, які выжываў на падаконніку, а дарослыя
— драматычную гісторыю пра тое, як нявестка, імкнучыся не быць горшай сярод модных
сябровак, перасадзіла стары альяс у новы гаршок і пакрыўдзіла тым самым свякроўку.
Уяўленне пра тое, якой сапраўды павінна быць дзіцячая літаратура, вельмі добра
прадстаўлена ў выказванні самой Алены Масла: «…Паблажлівасць гэта і сапраўды нараджае
памылковае ўяўленне пра лёгкасць тэматыкі, калі літаратура для дзяцей нават у вуснах
паважаных, заслужаных аўтараў ператвараецца ў салодзенькае сюсюканне — часта на тэму
захаплення сваімі ўнукамі». Пратэст супраць сюсюкання — гэта і сумны фінал твораў, што для
сённяшніх дзяцей, звыклых да шчаслівых фіналаў, нечаканасць. Так, у казцы «Воблачка»
маленькае воблака збягае ад маці, а калі вяртаецца, даведваецца, што пакуль не было яго, маці ад
перажыванняў сышла на дождж. У казцы «Зорачка» распавядаецца пра хворую дзяўчынку, якая
можа памерці «раней адмеранага», а вось Зорачцы якраз падаравана самае доўгае жыццё. Але тая
вырашае ахвяраваць ім і скаціцца з неба, каб падараваць сваё жыццё дзяўчынцы.
Такое трагічна-драматычнае гучанне фінала казкі вельмі нагадвае знакамітыя казкі Г. Х.
Андэрсена, якія часта таксама заканчваліся досыць сумна. Сама казачніца сцвярджае, што нельга
адгароджаць дзяцей ад «цяжкіх» эмоцый і імкнуцца толькі да забаўляльнасці: «Наогул, цяпер
вельмі моцная тэндэнцыя да забаўляльнасці, у літаратуры ў тым ліку. Але ж немагчыма ўсё
жыццё адскакаць і адвесяліцца! Якія толькі выпрабаванні не пасылае людзям лёс, з якімі
чалавечымі бедамі толькі не даводзіцца нам сутыкацца… Ці маюць людзі маральнае права
наракаць на бяздушша, абыякавасць, чэрствасць грамадства у дачыненні да асабістых праблемаў,
бедаў, калі імкнуцца засцерагчыся ад суперажывання і дапамогі ў час свайго дабрабыту тым,
каму дапамога патрэбная?..» Невыпадкова сумная «Русалачка» Г. Х. Андэрсена ў пераапрацоўцы
Дыснея заканчваецца сапраўдным хэпі-эндам. Іншая справа, што ў такім фінале абясцэньваецца
выбар гераіні паміж сваім жыццём і жыццём прынца і ўвогуле пытанне бессмяротнасці душы і
сапраўднай адказнасці за свае ўчынкі. Воблачка Алены Масла ў лепшых традыцыях казак магло
б сустрэць перашкоды, што сталі б для яго проста карысным вопытам, а пасля вярнуцца дамоў
да маці. А Зорачцы за яе ўчынак фея магла — па-дыснееўску —падараваць новае жыццё. І ў такім
выпадку творы зноў толькі б выконвалі педагагічна-выхаваўчыя задачы, не даючы прасторы
паразважаць над пытаннямі жыцця і смерці, самаахвярнасці і адказнасці за свае ўчынкі.
Героі казак пісьменніцы — самыя розныя, і часта менавіта яны і вызначаюць сюжэтную
структуру твора. Адна з кніг носіць назву «Жывыя рэчы», бо героі казак, прадстаўленыя тут,
з’яўляюцца выключна рэчамі. У такіх творах асабліва адчуваецца сувязь з казкамі Г. Х.
Андэрсена, прасочваюцца рысы прыпавесці. Так, у творы «Сапраўдны правіцель» галоўным
персанажам з’яўляецца кароль, вытканы на кіліме, які трапіў у хату, дзе жывуць непаслухмяныя
дзеці. Гэты герой, не падобны да каралёў з народных казак, дапамагае дабіцца парадку ў кватэры,
прычым дзейнічае сваімі сіламі, праяўляе кемлівасць і мудрасць, чым заслугоўвае аўтарытэт
сярод усіх рэчаў.
Для казак характэрна суіснаванне дзвюх рэальнасцей: казачнай і сапраўднай. У «рэчавых»
казках Алены Масла героі дзейнічаюць у рэальным свеце, аднак іх жыццё само па сабе
прадстаўляе для дзяцей гульню, што тлумачыцца іншым успрыманнем імі рэчаіснасці, дзе
нежывыя прадметы маюць сваю гісторыю і атрымоўваюць жыццё ў гульні.
Ёсць у пісьменніцы і казкі, набліжаныя па форме да народных, аднак і тут выяўляецца яе
своеасаблівая казачная манера. Падобныя творы якраз як быццам пратэстуюць супраць клішэ,
замацаваных у фальклоры. У творах максімальна прысутнічае апавядальнік, даючы ацэнку
24

