Page 18 - Сістэмны даведнік-бібліятрансформер_Neat
P. 18
з рэкамендацыямі ад некалькіх выданняў, з тоўстай папкай публікацый. Выбар факультэта, якраз-
такі, лагічны, калі на працягу вучобы ў школе амаль што ўвесь час друкаваўся. Ну, а што да
казак... З іх пачыналася маё творчае жыццё, я актыўна пісала ў школьную пару. Кнігі пачалі
выходзіць у 2005 годзе – “Каляды з хроснай” і “Таямніца закінутай хаты”, адразу дзьве. Гэта
пасля падарожа па Швецыі, натхнёная прыкладам Астрыд Ліндгрэн, якая у 37 гадоў пачала
друкавацца. Я вярнулася дадому і адважылася сабраць і аднесці ў выдавецтва тое, што было
напісана ў мяне. Прынялі, надрукавалі! Першыя кнігі Алены Масла ў 2007 годзе адразу былі
адзначаны “Дыпломам чытацкіх сімпатый” Беларускай Бібліятэчнай Асацыяцыі – у адным
шэрагу з такімі масцітымі аўтарамі, як Леанід Дранько-Майсюк, Павел Місько. Для аўтара гэты
дыплом - вельмі важная узнагарода. Яго даюць аб’ектыўна, згодна чытацкаму рэйтынгу:
кампутарная база дадзеных лёгка вызначае колькасць запытаў кнігі. Узнагароджваюцца
найбольш чытэльныя. Сёння пісьменніца мае шэраг кніг-казак, якія выходзілі не толькі ў
Беларусі, але ў Расіі і Украіне. - Зараз шмат настаўнікаў, псіхолагаў адзначаюць, што дзеці,
падлеткі ўсё менш і менш цікавяцца ўсім казачным і незвычайным… - Хіба так?Якраз-такі я
ведаю, што казкі і фэнтазі – па-ранейшаму запатрабаваныя жанры. І нешта падказвае мне – як
толькі людзі перастануць цікавіцца казачным і незвычайным, штосьці ў свеце безваротна
згубіцца, прападзе! І шматгадовая практыка ў выдавецтве сведчыць пра тое, што кнігі казак
карыстаюцца попытам. Іншая справа, што, сапраўды, на сёння бракуе рэалістычнай прозы для
дзяцей і падлеткаў – кніг, падзеі ў якіх дзеці маглі б суаднесці з рэальным жыццём… Дарэчы, я
сама пачала пісаць рэалістычную прозу – не так даўно ў “Маладосці” друкавалася апавяданне
“Апошні дзень лета”. Цяпер пішу невялікую аповесць “Журавінавая кроў”, працую над
апавяданнямі. - Што зараз для вас значыць творчасць? - Магчымасць руху па жыцці і
асэнсавання свету. Здольнасць здзіўляцца і здзіўляць. Спасцігаць новыя веды, спрабаваць сябе ў
розных сферах – вось, на маю думку, творчы падыход да жыцця. - Ці ёсць ў вас хоббі?
Раскажыце аб ім? - У розныя часы былі розныя. Была апантанай аўтамабілісткай. Займалася
роспісам шкляных бутэлек. Падарожнічала. Разводзіла кветкі… Апошнім часам майструю
традыцыйных народных лялек – абрадавых, абярэжных, гульнявых. У кожнай з іх – цудоўныя
гісторыі, за кожнай з лялек -- цэлы пласт народных традыцый.Спасцігаць іх, а таксама
майстраваць – цудоўнае баўленне часу, асабліва калі настрой падняць трэба. Пачынаеш
майстраваць – рукі працуюць, галава ад цяжкіх думак вызваляецца, на душы святлее! - У чэрвені
2013 года на конкурсе праектаў кампаніі “Будзьма беларусамі!” вы сталі адной з пераможцаў
са сваім праектам “МілашОўска-МІлашаўскія чытанні”. Якім чынам узнікла ідэя праекта?
У чым заключаецца ўнікальнасць “Міла-ШОУ”? Што незвычайнае было ў праграме гэтага
года? - Праект распачала ў 2011 годзе – падчас стогадовага юбілею Чэслава Мілаша,
Нобелеўскага лаурэата. Я родам з вёскі Мілашова, што на Мёршчыне. Мілашова і Мілашы – ці
звязаныя паміж сабой, і як? Вось на якія пытанні даўно шукаўся адказ. Звязаныя, і самым
непасрэдным чынам! Мілашы, што закладалі фальварак Ідолта-Мілашова на маёй радзіме і якім
перайшло валоданне Чарэяй – блізкія сваякі Чэславу Мілашу. А што да Оскара Мілаша –
французскага паэта-містыка – то ён нарадзіўся ў Чарэі. А прадзед яго якраз і выкупляў у Сапегаў
Чарэю і Мілашова… Разблытваючы клубок таямніц, прыдумала праект “Мілашоўска-
Мілашаўскія чытанні”. Літаратурна-мастацкія вечарыны ладзіла ў Мінску, Віцебску, у сябе на
радзіме – у Мілашове і Мёрах. А гэты год, урэшце, і Чарэйская старонка Чытанняў адгорнута –
мне пашчасціла пабываць у Чарэі. У гэтым і палягала ўнікальнасць сёлетніх Чытанняў –
Мілашова і Чарэя нібы наноў паядналіся. Госці з Чарэі былі ў “Кніжным салоне”, дзе ладзілася
вечарына. А ўвесну збіраюся зладзіць літаратурна-музычную экспедыцыю з Мінска ў Чарэю.
Радуе, што гэты праект аб’яднаў мноства творчых людзей – літаратараў, музыкаў, краязнаўцаў,
18

