Page 13 - Сістэмны даведнік-бібліятрансформер_Neat
P. 13
Недзіцячыя пытанні для дзіцячай пісьменніцы
30.01.2014
Якім бачыцца свет казачніку?
Як гэта: кожны дзень ствараць дзівосны свет дзіцячай казкі — а потым выходзіць з-за стала і
адчыняць дзверы ў звычайнае жыццё? Ці праўда, што казачнікі, як і арлекіны, насамрэч —
сумныя і пахмурныя людзі, якія лепш за ўсіх ведаюць, што жыццё — далёка не казка?
Менавіта з такімі пытаннямі я пайшла да Алены Масла — дзіцячай пісьменніцы, беларускай
казачніцы.
У дзяцінстве мне здавалася, што пісьменнікі — самыя шчаслівыя людзі на Зямлі. Што б ні
здарылася, пасля іх застануцца кніжкі. І мне да сёння дзіўна, што пісьменнікі ўсё роўна
кожную хвіліну некуды імкнуцца, аб нечым трывожацца… Аб чым сумуе самая светлая
пісьменніца Беларусі?
Спадарыня Ганна, шчыра дзякую вам за «самую светлую», але дазвольце запярэчыць. «Самым»
можна назваць хіба толькі сонца! А светлых творцаў у Беларусі багата. А ўжо калі мы кажам пра
беларускую дзіцячую літаратуру — пагатоў.
І, калі можна, я спярша пра тое, што радуе, скажу. Вось калі гэтыя светлыя творчыя праменьчыкі
шчасціць аб’яднаць у нейкай агульнай справе, агульным праекце — во гэта шчасце!
А засмучае… Калі людзі не ўмеюць трымацца разам, і менавіта дзеля таго, каб сцвярджаць сябе
«самымі», разбураюць сяброўскія стасункі, ствараюць мітрэнгі, паклёпнічаюць. Не прымаю
гэтага.
Наталка Бабіна неяк назвала вас «наш беларускі
Андарсэн». Мне падаецца, гэта вельмі слушнае
параўнанне: светлы казачны свет Ганса
Хрысціяна насамрэч ведае і цемру, і тугу, так і
вашыя казкі, якія прынята лічыць
звышпазітыўнымі, месцяць у сябе не толькі
сонца. Што з несправядлівасцяў свету вам цяжэй
за ўсё перажываць?
О, дзякую Наталцы за такую ацэнку маёй сціплай
творчасці!.. Што да несправядлівасцяў свету —
пакінутыя дзеці, дзеці-сіроты пры жывых бацьках. Гэта так выродліва, брыдка чалавечай натуры!
Здрада як з’ява менавіта ў гэтых выпадках найстрашнейшая, на маю думку. Калі даводзіцца
бываць у дзіцячых дамах, у прытулках, сорамна глядзець у вочы кінутым дзецям. Сорамна, бо ты
— дарослы, і таму адказнасць (ці безадказнасць) іх бацькоў аўтаматычна датычыць цябе… Вось
напярэдадні Раства ў сеціве шмат вялося дыскусій наконт таго, ці патрэбна збіраць падарункі ў
дзіцячыя дамы, і якія падарункі збіраць… А гэтыя лісты-просьбы ад дзетдомаўцаў, якія
выкладаліся ў сацыяльных сетках! Нехта просіць ляльку, нехта — лобзік ці машынку, пісталет…
Добрыя душы знаходзяцца мару дзіцячую ажыццявіць — сабраць навагодні падарунак, падарыць
імгненне шчасця. Але што б не падарыла пакінутым дзецям грамадства — уключаючы прыёмныя
сем’і — замяніць любоў родных бацькоў ім ніхто не ў стане. Усё астатняе — мы ад іх
адкупляемся. Падарункамі, мерапрыемствамі, майстар-класамі… Гэта, на маю думку, абавязкова
трэба рабіць… Але па-чалавечы, па-сапраўднаму для кожнага з такіх дзяцей было б — калі самі
бацькі імкнуцца даць ім сваю любоў.
Ведаеце, што наймацней раніць мяне ў стасунках з дзецьмі з прытулкаў і дзіцячых дамоў?
Моманты, калі набліжаецца канец сустрэчы і расстанне. У іх вачах, дзе толькі што свяціліся давер
і шчырасць, нібы нешта выключаецца, агеньчык гасне… Ты не паспеў з’ехаць — а яны цябе ўжо
вырываюць са свайго жыцця. Каб не абнадзейвацца, каб не балела, каб зноў не апячыся на
часовай любові…
13

