Page 10 - Сістэмны даведнік-бібліятрансформер_Neat
P. 10
невялікая, амаль усю ўрэшце па слоўцах і разбіраем… А тады спатыкаемся на тым, што ж за звер
такі Альжбэтка, якая пабегла ў лазенку! (Імя дзяўчынкі ў голаў не прыходзіць маім слухачам, а
гэта значыць, што папярэдні лексічны разбор тэксту не зрабіў для іх зразумелым кантэкст! Што
тут зробіш – казаў той, абняць і плакаць…) І ў старэйшых класах веданне мовы не лепшае. Неяк
на сустрэчы з 10-класнікамі адной з мінскіх школаў выявілася, што ніхто з цэлага класу не ведае,
хто такі “цмок”! Такім чынам можна адкрыта казаць пра наяўнасць моўнага бар’еру паміж
творцам і патэнцыйным чытачом.
Другой перашкодай для папулярызацыі беларускай дзіцячай літаратуры з’яўляюца мізэрныя
наклады, якімі выдаюцца кніжкі. Дзве, тры тысячы – я ўжо не кажу пра наклады ў трыста, пяцьсот
асобнікаў, — для дзіцячай кнігі гэта вельмі мала. Кнігі з такімі накладамі трапляюць далёка не ва
ўсе публічныя бібліятэкі, і зусім ужо рэдка – у школьныя. У выніку, цікавыя аўтары і іх творы
проста невядомыя шырокай аўдыторыі. З уласнага досведу скажу, што здараецца так –
прыходзіш у аўдыторыю, размаўляеш, гаворыш пра кнігі – а для публікі ўсё гэта ўпершыню, бо
ніхто ў руках не трымаў тваіх кніжак. Дык чым пісьменнік, якога не чыталі, павінен быць
цікавым?
— У якой краіне, на Ваш погляд, дзіцячая літаратура зараз пачуваецца найлепш і чаму?
А. М.: Я не магу ўзяць на сябе смеласць за ўсе краіны адказаць, але дакладна ведаю адно:
беларуская кніга выжывае ў складаных умовах. Пра моўную праблему мы згадвалі. А яшчэ ж і
падаткаабкладанне на кнігавыданне, якое даўно ўжо абяцаюць зрабіць ільготным у нашай краіне,
ды ніяк не адважацца, не натхняе патэнцыйных выдаўцоў ды звязвае рукі тым, хто ўжо выдае
кнігі.
Як прыклад згадаем Швецыю, дзе існуе льготнае падаткаабкладанне, якое дае магчымасць
прадпрымальным людзям развіваць кнігавыдавецтва як бізнес. Ды дзеля такога прыкладу і за
мора не трэба хадзіць! У суседняй Украіне, Расіі (калі казаць пра постсавецкую прастору)
сітуацыя з падаткаабкладаннем на кнігі зусім іншая.
— Што трэба зрабіць, каб выдадзеная дзіцячая кніга ўсё ж дайшла да чытача?
А. М.: Найперш тое, што называецца піярам. Сустрэчы, прэзэнтацыі, так, як, напрыклад, робіць
зараз кнігарня “Ў”. Трэба ладзіць сустрэчы з аўтарамі і запрашаць не толькі дзяцей, але дарослых,
бо менавіта яны павінны купіць і прынесці кнігу свайму дзіцёнку. Неабходна не саромецца і не
ленавацца, а займацца “раскруткай”, інакш кажучы, “кніга – нагода для падзеі”.
— Ці можна прывесці тут станоўчы прыклад рэкламы кнігі, і прыклад, калі добрая кніга
засталася незаслужана незаўважаная?
А. М.: Добрым прыкладам тут можна назваць тую работу, якую вяла па прапагандзе кніг сваіх
аўтараў шведская амбасада. Згадайма прэзентацыю, якая ладзілася з нагоды выхаду кнігі “Піпі
Доўгаяпанчоха”, калі ў Мінск прыехала дачка Астрыд Ліндгрэн Карын Нюман — тая самая
дзяўчынка, якая шмат гадоў таму прыдумала імя для гераіні і натхніла пісьменніцу на напісанне
твора. А калі пачалі выходзіць кнігі Юі Вісландэр, якія святы ладзіліся! Лямцавы тэатрык ставіў
спектаклі пра Маму Му, і з гэтым спектаклем акцёры не толькі ў Мінску выступалі, але ездзілі
па Беларусі… Прыязджаў Ульф Старк – і таксама ладзіліся яскравыя прэзентацыі яго
“Дыктатара”. Да таго ж, нікога са стваральнікаў кнігі не пакідалі па-за ўвагай: запрашаліся
перакладчыкі Зміцер Плакс, Надзея Кандрусевіч, шведскія літаратуразнаўцы і пісьменніцы Улу
Лундквіст і Яніна Арлоў – адным словам, амбасадай рабілася ўсё магчымае, каб як найлепей
прэзентаваць дзіцячыя кнігі сваёй краіны беларускаму чытачу – і тым самым прэзентаваць саму
краіну.
З уласнага досведу працы з кнігай згадаю акцыю “Чытаем разам, чытаем па-беларуску!” Я была
адным з ініцыятараў і ўдзельнікам праекта, які гуртаваўся вакол дзіцячага часопіса “Вясёлка”.
Гэта былі паездкі ў рэгіёны Беларусі груп пісьменнікаў. На месцах настаўнікі, бібліятэкары
наладжвалі чытанне кніг, арганізоўвалі мерапрыемствы дзеля папулярызацыі чытання. І, ведаеце,
такога жыцця прыўносіла акцыя ў рэгіёны! Жыцця, у цэнтры якога была беларуская кніга.
Адсюль і перакананне, падмацаванае практыкай: дзеці чытаюць там, дзе дарослыя – бацькі,
выхавацелі, настаўнікі, бібліятэкары – любяць кнігу і ўмеюць з ёй працаваць. Дзякаваць Богу,
такія людзі ў нас не пераводзяцца, нягледзячы ні на што!
10

