Page 39 - Сістэмны даведнік-бібліятрансформер_Neat
P. 39
Добрая казка, нічога не скажаш. Для дзяцей, зразумела, перш-наперш, але і
для дарослых таксама, бо ў творы гучыць думка аб тым, што ў жыцці многае
залежыць ад таго, як да ўсяго ставішся. Ніколі, нідзе не трэба пасаваць—вось
асноўная выснова, пачэрпнутая з гэтай казкі.
Кнігай “Першая Прыгажуня” А. Масла засведчыла, што яна сапраўды
першая. Бадай, немагчыма знайсці сёння у беларускай літаратуры прадстаўніц
малодшага пакалення, якія б так упэўнена абжывалі стары, але разам з тым вечна
малады жанр казкі. Істотна і тое, што яна працуе ў гэтым жанры надзіва ўпэўнена.
Іначай і быць не можа, бо менавіта казка дазваляе ёй лепш раскрыць свой талент.
А. Масла не “перабягае” з жанру ў жанр, як гэта робяць некаторыя аўтары, якія
таксама пішуць казкі, а спакваля абжывае сваю творчую дзялянку, шчодра
засяваючы яе, дбайна аздабляючы, а таму і збіраючы так выніковы ўраджай.
Прыемна і тое, што ў А. Масла па-ранейшаму шмат новых мастакоўскіх
задумак. Прынамсі, аб гэтым сведчыць тое, што ў планах выдавецтва “Мастацкая
літаратура”—выпуск яшчэ адной яе кнігі “Як пані Чаротная на госці ў Палангу
бегала”. Гэтая казачная аповесць таксама з вельмі займальным сюжэтам. І
гэтаксама, як і ў “Першай Пыгажуні”, з удалым спалучэннем традыцыйных
матываў з тым новым, што імкліва ўноіць у жыццё наш хуткаплынны час і з чым
дзеці сутыкаюцца штодня.
Такая яна, сучасная казка—казка ХХI стагоддзя: аўтарскі мастацкі вымысел,
неверагодныя, у звычайным жыцці немагчымыя падзеі і сітуацыі, а разам з тым і
само жыццё ў яго рэальным праяўленні. Дарэчы, выхад гэтай кнігі і пазначаны ў
серыі “Казкі XXI стагоддзя”. Ініцыятарам выпуску яе пад час сваёй працы ў
выдавецтве “Мастацкая літаратура” і стала А. Масла. Дый назву гэтай
своеасаблівай бібліятэчцы прыдумала. Так што і тут яна першая.
Алесь МАРЦІНОВІЧ.
Ад рэдакцыі: нам асабліва прыемна прадстаўляць новую кнігу Алены Сцяпанаўны
Масла, бо першыя крокі ў творчасць яна зрабіла на старонках “раёнкі”, калі яшчэ
была вучаніцай Мілашоўскай БШ.
39

