Page 41 - Сістэмны даведнік-бібліятрансформер_Neat
P. 41
Праз год у дзяўчынкі завязаліся стасункі з рэспубліканскім друкам. Яе
вершы, допісы пра падзеі з вясковага і школьнага жыцця змяшчаліся ў часопісе
“Бярозка”. Друкавалася і ў іншых выданнях, а казкі гучалі нават на радыё. Ужо
тады Алена выразна адчувала, што не можа не пісаць: цікавае міжволі запаўняла
галаву і прасілася на паперу. Яна з задавальненнем бегала да паштовай скрынкі за
свежай прэсай, якая захоўвала на сваіх старонках пах друкарскай фарбы, купляла
кніжкі, і заўсёды марыла быць да ўсяго гэтага як мага бліжэй.
Пасля заканчэння Міёрскай СШ №2 з медалём, дзяўчына з ярка выражанымі
літаратурнымі здольнасцямі без цяжкасці паступіла на журфак БДУ. Пасля
студэнцкай лаўкі асноўным асяродкам творчай самарэалізацыі стала дзіцячая
журналістыка. Працавала рэдактарам газеты “Пераходны ўзрост”, у часопісе
“Качели”, на радыё, загадчыкам рэдакцыі дзіцячай літаратуры ў выдавецтве
“Мастацкая літаратура”. Цяпер займае пасаду галоўнага рэдактара ў часопісе
“Бярозка”, у якім калісьці сама адточвала пісьменніцкае пяро. У снежні мінулага
года гэтаму літаратурна-мастацкаму выданню для школьнікаў і падлеткаў
споўнілася 85 гадоў. Нягледзячы на салідны ўзрост, ён памаладзеў, набыў сучаснае
аблічча і змяшчае на сваіх старонках найноўшыя творы беларускіх і замежных
пісьменнікаў і паэтаў, цікавыя публікацыі, інтэрв’ю, аб’яўляе разнастайныя
конкурсы, пра што Алена Сцяпанаўна расказала найбольш падрабязна. Асаблівую
ўвагу дзяцей звярнула на рубрыку “Верасок”. Яна цікавая для тых, хто праяўляе
схільнасці да пісьменніцтва, любіць маляваць. Кожны можа даслаць свае творы ў
рэдакцыю. Адбіраюцца і друкуюцца самыя лепшыя, але без рэкамендацый, як стаць
сапраўдным творцам слова, ніхто не застанецца.
Работы ў галоўнага рэдактара часопіса шмат. Арганізуе вытворчы працэс,
друкуецца. Яе публікацыі розных жанраў, але па-ранейшаму больш за ўсё любіць
складаць казкі. Сюжэт чэрпае з уласнага жыццёвага вопыту, з душэўных
перажыванняў, са шчырасці і няўмення жыць безудзельна. Атрымліваюцца цікавыя
і павучальныя гісторыі, з якіх можна пачэрпнуць універсальныя веды пра
навакольны свет, чалавечыя адносіны. Яны прымушаюць задумацца, да чаго можа
прывесці той ці іншы ўчынак, заадно нагадваюць, што б ні здарылася, жыццё
расставіць усё на сваё месца і дабро заўсёды пераможа зло.
У казках знайшло адлюстраванне і тое, што вырасла аўтарка ў незвычайна
прыгожых мясцінах. Не адзін яе твор аздоблены маляўнічымі фарбамі роднага
Мілашова. Сустракаюцца ў іх і нашы геаграфічныя назвы. Напрыклад, у “Крыўдах
старога вадзяніка” згадваюцца Перабродскія азёры, рэчка Вята. А якая сакавітая і
меладычная ў казках літаратурная мова, якая ўвабрала ў сябе многае з гаворкі
Міёршчыны. Вольна і нязмушана адзін сказ пераліваецца з другім. Казку “Страх”,
якую прачытала пісьменніца, слухалі на адным дыханні.
41

