Page 51 - Сістэмны даведнік-бібліятрансформер_Neat
P. 51
Наогул, у Алены Масла з Міёршчынай звязаны самыя прыемныя ўспаміны. З
супрацоўніцтва з раённай газетай пачалася яе творчая біяграфія:
— Мне было гадоў 10… Спадары Аляксей Кавалевіч і Леанід Матэленак заўважылі
мяне, ахвотна друкавалі допісы. Першую практыку падчас вучобы на журфаку
праходзіла ў “раёнцы”. Памятаю добразычлівую, спакойную атмасферу, якая там
панавала. Літаратурная старонка, краязнаўчая тэматыка і тады былі ў нашай газеце
на вышыні. Я цікавілася гэтым. А людзі, якія аддана рабілі сваю справу, выклікалі
захапленне. Людвіг Касаты, Тамара Гугала, Эліза і Казімір Блажэвічы, Эвеліна
Багдановіч. А яшчэ ў тую пару пры газеце дзейнічаў цэх, дзе лінатыпісткі ўручную
(!) набіралі газетныя тэксты. Па літарках. Калі знаходзіліся памылкі, тэкст
разбіралі. Вось хто выклікаў у мяне нязменнае захапленне. Гэта ж такія пчолкі!
Алена Масла ў Мінску чалавек папулярны. Яе запрашаюць на творчыя
вечарыны, канферэнцыі, “круглыя сталы”, акцыі, у журы па прысуджэнні
літаратурных прэмій. Спіс ушанаванняў доўгі. У ліку асноўных: удзельніца
канферэнцыі славістаў у Швецыі, шведскай цырымоніі ўзнагароджання прэміяй
Астрыд Ліндгрэн, “круглых сталоў” па праблемах дзіцячай літаратуры і
кнігавыдання на Міжнародных кніжных кірмашах у Мінску, Львове, Вільнюсе,
сябра журы літаратурных прэмій імя Янкі Маўра, імя Цёткі.
Асобная старонка біяграфіі пісьменніцы — яе кнігі, якія выйшлі ў
прэстыжных беларускіх выдавецтвах “Мастацкая літаратура”, “Літаратура і
мастацтва”, “Выдавецкі дом “Звязда”, “Адукацыя і выхаванне”. Першай скарыла
чытачоў у 2005 годзе казачная аповесць “Каляды з хроснай”. Многія ведаюць
Алену Масла па зборы аўтарскіх казак “Таямніца закінутай хаты”, уключаных у
праграму пазашкольнага чытання для пяцікласнікаў.
Гэтыя дзве кнігі па выніках конкурсу водгукаў “Лепшая беларуская кніга”
атрымалі Пасведчанне чытацкіх сімпатый Беларускай бібліятэчнай асацыяцыі і
Цэнтралізаванай сістэмы дзіцячых бібліятэк Мінска.
Наступны апагей творчасці — казачная аповесць “Вандроўка з божымі
кароўкамі”, уключаная ў школьную праграму для трэцякласнікаў. Літаратурная
прэмія “Залаты Купідон” прысвоена зборніку казак “Першая прыгажуня”. Таксама
ў арсенале зямлячкі фантастычныя гісторыі “Як пані Чаротная на госці ў Палангу
бегала”, казкі “Пацучок Фэлік падарожнічае” і “Мяне завуць Лахнэска”.
Леташняй восенню Нацыянальная кінастудыя “Беларусьфільм” па казцы
зямлячкі выпусціла анімацыйны мульцік “Лагодны воўк”. Смешны, пацешны,
вучыць дабру, дапамозе слабым. Аказваецца, і ваўкі лагоднымі бываюць. Разам з
тым і галоднымі, бо ласавацца жывымі істотамі сабе не дазваляюць. Такога героя
забіраюць да сябе людзі абараняць свой статак ад іншых шэрых братоў.
Рэжысёр — Наталля Дарвіна. Яна прыхільніца творчасці Алены Масла і
плануе стварыць мультфільмы па іншых яе казках, у тым ліку і пра Лахнэскую
51

